МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

“Калядныя ўзоры–2017”

Калі вас цікавіць неардынарны падыход да такой адказнай справы, як елкавы дэкор ці аздабленне хатняга інтэр’ера ў этнастылі, завітайце на Рэспубліканскую выставу твораў народных майстроў Беларусі. Тут красуюцца саламяныя снегавікі, чакаюць адказнай справы разнастайныя абярэгі, дзяцей – тэкстыльныя і керамічныя лялькі, вабяць вока папяровыя карункі, ўзоры ткацтва, вырабы з дрэва і лазы. Выстава працуе да 25 студзеня 2018 года ў Мастацкай галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, якая размяшчаецца ў Мінску на вуліцы Гікалы, 4.

Выставы твораў членаў грамадскага аб’яднання “Саюз майстроў народнай творчасці” пад назвай “Калядныя ўзоры” праводзяцца ўжо чвэрць стагоддзя. Людзі, якія жывуць мастацтвам, загадзя і з вялікім задавальненнем рыхтуюць да яе свае шэдэўры.

Напярэдадні навагодніх святаў 25-ю, юбілейную экспазіцыю, традыцыйна адкрыў старшыня Саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута. Ён заўважыў, што і зараз мы не так і далёка адыйшлі ад сваіх продкаў і таксама традыцыйна і весела адзначаем старажытныя сялянскія святы, такія як Каляды. Гэта адгукаюцца нашы глыбокія карані, якія немагчыма страціць і праз стагоддзі. Таму народныя майстры так сур’ёзна ставяцца да захавання беларускіх традыцый, якія прафесійна ўвасабляюць на яве.

У творчым аб’яднанні 650 асоб з мастацкім густам, у тым ліку з Міншчыны. На што здатныя рукі гэтых майстроў, можна ўбачыць амаль да сканчэння зімы. Як выглядае Зюзя-маразун, якія разнастайныя сняжынкі можна зрабіць з залатой саломкі і чым заняць гаманлівых дзяцей, калі ў хаце ёсць папера і нажніцы – на ўсе пытанні вы атрымаеце тут адказ. 

Хвалюючым момантам стала ўзнагароджванне выдатных майстроў, якія ўнеслі свой ўклад у адраджэнне народных традыцый. Словы віншавання прагучалі ад імя міністра культуры Рэспублікі Беларусь Юрыя Бондара, і лепшыя мастакі атрымалі Падзякі. Сярод іх – майстры, якія шчыруюць на Міншчыне, – Таццяна Трушына, Юрась Камандзірчык, Галіна Бураўцова і Лана Сласцён.

Шматлікіх гацей выставы шчыра віталі артысты студыі этнаграфічнага таварыства “Аксаміт”. Пад гукі народных інструментаў, сярод якіх чулася старажытная беларуская дуда, ліліся песні-калядкі, вадзілі Казу і Мядзведзя, запрашалі ў скокі. З поспехам прайшлі майстар-класы па вышыўцы Ларысы Ельнікавай, а таксама работнікаў ДУ МАЦНТ – па выцінанцы Наталлі Сухой, пісанцы – Вольгі Хачковай.

Па словах члена праўлення Саюза майстроў народнай творчасці, культуролага, прафесара Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Любові Раманенка, за чвэрць стагоддзя выстава перарасла ў якасны форум, дзе вялікая колькасць творчых людзей на высокім узроўні прадстаўляе нашу традыцыйную беларускую культуру, захоўвае яе аўтэнтычнасць. Шмат выдатных майстроў за гэты час набылі адметны мастацкі твар, стыль і своеасаблівую творчую пячатку. Далучайцеся да народнай творчасці і вы!

 

Анжэліка КУЧЫНСКАЯ,

вядучы рэдактар ДУ МАЦНТ

Фота аўтара

Другие новости
В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
В рамках «Недели профсоюзной культуры» 25 ноября на базе Смолевичского  городского Дома культуры состоялось мероприятие «Народные таланты тебе, Беларусь!»
Кірмашовыя святы пад назвай “Надышоў вясёлы час – завітаў кірмаш да нас” разам з дзецьмі ладзілі супрацоўнікі ДЦК “Расток” г. Маладзечна. Святы наведалі больш за 600 дзяцей.
Rating All.BY
Каталог TUT.BY