МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

Юбілей народнага фальклорнага калектыву “Прусаўчанка”

У “Прусаўчанкі” — непаўторная манера спявання аўтэнтычных песень.

Вядомы далёка за межамі нашага раёна фальклорны калектыў “Прусаўчанка” у 2017 годзе адсвяткаваў свой 45-гадовы юбілей. Прускія жанчыны — таленавітыя, непаўторныя, самабытныя, адкрытыя, шчырыя і вясёлыя. Яны могуць не толькі добра спяваць, але і ведаюць розныя народныя абрады, ладна танчаць і шмат памятаюць замоў, легенд і паданняў. А яшчэ гэта — сапраўдныя майстрыхі: сваімі рукамі яны ствараюць цудоўныя вышыванкі, упрыгожылі яскравымі карункамі канцэртныя касцюмы. Старадарожчына па праву ганарыцца гэтым калектывам. За зберажэнне фальклорнай спадыны, вернасць традыцыям, аўтэнтычнаму фальклорнаму калектыву ў 2007 годзе было нададзена ганаровае найменне “народны”, а ў 2015 годзе статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльнага праяўлення чалавека “Спеўныя традыцыі міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы” ў в. Прусы Старадарожскага раёна Мінскай вобласці.  

Урачыстае мерапрыемства сабрала ў мясцовым клубе шмат прыхільнікаў народнай творчасці і пачэсных гасцей. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Анатольеўна Каролька выказала словы падзякі прускім артысткам, павіншавала са святам і адзначыла кіраўнікоў калектыву (а іх за час існавання было тры). Заснавальнікам “Прусаўчанкі” ў 1971 годзе стаў таленавіты народны музыкант Міхаіл Лапуцька. Спецыяльнай адукацыі ён не меў, але ж добра граў на гармоніку і вельмі жадаў захоўваць і працягваць народныя традыцыі. Ён аб’яднаў жанчын, натхніў на творчасць, даў магчымасць сустракацца часцей і дарыць свой настрой і цудоўныя спевы людзям. 

У 1989 годзе у клуб прыйшла працаваць Алена Чаркоўская. Скончыўшы Магілёўскі каледж мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысура народных святаў”, яна прадоўжыла творчы пачын Міхаіла Якаўлевіча. Алена Леанідаўна ўнесла ў творчую дзейнасць свежы струменьчык настрою. Калектыў пачаў абнаўляцца, бо з цягам часу многія яго ўдзельнікі пакінулі гэты свет. Але народная самабытная песня заставалася. Прусаўчане з задавальненнем спяшаліся на рэпетыцыі, згаджаліся на канцэрты ў іншых гарадах і сёлах. 

І Міхаіл Якаўлевіч, і Алена Леанідаўна павіншавалі прысутных са святам і пажадалі моцнага здароўя таленавітым жанчынам і мужчынам, а таксама, каб яшчэ шмат гадоў не сціхала “пруская песня”. А сёння “Прусаўчанкай” кіруе Марыя Гасанава, мастацкі кіраўнік клубнай установы. Калектыў працягвае сваю дзейнасць і з кожным разам зноў і зноў уражвае гледачоў непаўторнай манерай спявання аўтэнтычных фальклорных песен.

Добрым словам павітала прускіх артыстаў дырэктар раённага Цэнтра культуры і адпачынку Людміла Кутазава:  “Маё знаёмства з калектывам пачалося вельмі даўно.  Колькі памятаю, ён заўсёды быў у добрай форме, гатовы па закліку да канцэрту. Усе ўдзельнікі — як адна вялікая дружная сям’я. Кожны разумее адзін аднаго, дапамагае, радуецца і сумуе разам. Шмат каго сёння няма. Жыццё не стаіць на месцы. Мы не маем ужо сваіх бабуль, матуль і татуль, мы страцілі і не маем бацькоўскай хаты, забылі сцяжынку да бацькоўскага парога, і мы прыязджаем у Прусы, як к сабе дадому. Таму што мы сустракаем вас. А вы — адкрытыя, чалавечныя, як колісь былі нашы бабулі і матулі. Дзякуй вам вялікі за тую радасць, якую дорыце нам, за тую кладезь, тую скарбонку, якую з дапамогай усіх кіраўнікоў, што працавалі з вамі, захоўваеце, папаўняеце і перадаеце дзецям. Канешне, хацелася, каб іх трошкі больш было — тых, хто дакрануўся да народнай творчасці, да звычаяў нашых прашчураў. Але ж яны ёсць. І я ўпэўнена: калі яны вырастуць, то будуць памятаць песні, гульні, танцы свайго рэгіёну, як памятаеце усе вы”. Людміла Іванаўна ўручыла падарункі ўсім, хто звязаны лёсам з калектывам. 

У “Прусаўчанкі” ёсць ужо і пераемнікі. Ад бабуль дзеці чэрпаюць не толькі майстэрства, але і народную мудрасць. Юныя таленты разам з дарослымі ўдзельнічаюць у народна-абрадавых святах “Каляды”, “Вялікдзень”, слухаюць і вывучаюць аўтэнтычныя спевы, пераймаюць самае лепшае і радуюць сваімі поспехамі. Кожнаму маладому артысту Людміла Іванаўна ўручыла на памяць аб свяце сувенір — кубак з лагатыпам і слоганам горада Старыя Дарогі.

Цудоўны верш склала пра прусаўчан мастацкі кіраўнік РЦКіА, куратар Прускага сельскага Дома культуры Наталля Валенцюкевіч. Вершаваныя радкі прыйшліся да спадобы гледачам і выклікалі бурныя апладысменты. А потым на сцэне разгарнулася абрадавая дзея: пад чароўныя спевы “Прусаўчанкі” па мясцовых традыцыях быў прадэманстраваны вясельны абрад. І дарослыя, і малыя з задавальненнем дарылі са сцэны сваю творчасць; бабулькі танчылі народныя танцы; усіх прысутных частавалі караваем. З добрым настроем пакідалі госці мерапрыемства. Народная песня кранула сэрца кожнага, пацешыла і натхніла на новыя поспехі. Няхай жа і надалей гучаць звонка песні артыстаў, няхай пруская зямля поўніцца новымі талентамі, а мы не забудзем нашу родную спадчыну.

 

Алена Рыжанкова ,

загадчык аддзела метадычнай

і інфармацыйнай работы

ДУК “Старадарожскі РЦКіА”

 

 

Другие новости

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
Rating All.BY
Каталог TUT.BY