МИНСКИЙ ОБЛАСТНОЙ
ЦЕНТР НАРОДНОГО
ТВОРЧЕСТВА

Доска объявлений:

З аптымізмам па жыцці

А ў бабулі сёння дэфіле…

Туфлі на абцасах, вячэрняя сукенка да падлогі, прычоска, макіяж – пры поўным парадзе выйшлі на сцэну Маладзечанскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы дзесяць жанчын залатога ўзросту – удзельніцы першага раённага конкурсу «Супербабуля – 2017».

Самай маладой канкурсантцы -- 63 гады, старэйшай – 79. Але ў гэты вечар ўсе яны забыліся на ўзрост, клопаты і хваробы. І не проста здзівілі публіку талентам і артыстызмам, але і зарадзілі яе сваёй энергіяй, аптымізмам. Той, хто не змог трапіць на конкурс, шмат страціў. Гэта быў вельмі душэўны, цёплы, сямейны вечар, пасля якога людзі выходзілі з залы з прасветленымі тварамі, многія зазначалі: «Вось з каго трэба браць прыклад!» І, хочацца верыць, кожнаму гледачу, каму пашчасціла мець бабулю, захацелася абняць яе і сказаць: «Як добра, што ты ў мяне ёсць!» 

Перад пачаткам асноўнага дзейства на сцэне ў фае былога Дома культуры чыгуначнікаў разгарнулася выстаўка творчасці канкурсантак.

І няхай цяпер у модзе малакаларыйнае харчаванне, праславутыя бабуліны піражкі, торцікі, кексы ніхто не адмяняў! І жадаючых іх паспрабаваць было шмат. Акрамя выпечкі прыцягвалі ўвагу вышыванкі, падзелкі з бісеру, вязаныя рэчы, спартыўныя ўзнагароды…Усе экспанаты сведчылі аб шматлікіх захапленнях і залатых руках жанчын. 

Як аказалася, усе яны яшчэ і артысткі, што ў поўнай меры прадэманстраваў першы конкурс візітовак. Старэйшую з удзельніц Галіну Кічкалік з-за прыгожага голасу ў маладосці запрашалі ў хор Пятніцкага, але яна выбрала сям’ю, нарадзіла пяцёра дачок, навучыла іх сваім песням. Адну з іх спявала са сцэны, а яшчэ – прыпеўкі…Былая настаўніца, дырэктар Мясоцкай школы Ганна Шамшур на пенсіі знаходзіць уцеху ў дзецях, унуках, у вышыванні бісерам дзівоснай прыгажосці ікон, якія дорыць храмам, родным, сябрам. А яшчэ яна піша вершы, з радасцю падзялілася сваёй творчасцю з гледачамі. Ірыну Ярук з Раеўшчыны падтрымаў сын Сяргей – вядомы на ўсю краіну дудар, а таксама сяброўкі з ансамбля «Крынічанька», у якім жанчына даўно спявае. Вельмі гарманічным, прадуманым, у лепшых беларускіх традыцыях было яе выступленне. Святлана Капуцкая, якая, дарэчы, таксама ўдзельнічае ў «Крынічаньцы», выканала прыгожы раманс, чытала ўласныя вершы, якія ўвайшлі ў яе зборнік «Белакрылая птушка». А яшчэ ўнесла ў конкурс цыганскі каларыт, як і іншыя ўдзельніцы.  З лёгкасцю пераўвасобіліся ў цыганак былая прадавец, дырэктар магазіна №1 Ірына Былінская, Любоў Сірыська – у мінулым брыгадзір на будоўлі, повар, вахцёр. Сапраўдны танцавальны майстар-клас паказала Ларыса Пятрэнка, у мінулым педагог, аматарка бегу, на рахунку якой 19 марафонаў. У 71 год Ларыса Фёдараўна скончыла завочна ўніверсітэт фізкультуры, прызналася, што ў свае 78 марыць вучыцца журналістыцы…Аліна Брыль, якая 40 год адпрацавала на фабрыцы мастацкіх вырабаў, спявае ў клубе «Адпачынак», хоры ветэранаў «Надзея». Яна выканала  песню «Ляці, голуб, ляці» Алега Елісеенкава, упрыгожыла нумар яе унучка Аліна, якая падрыхтавала харэаграфічную кампазіцыю. З унучкай Анастасіяй выйшла на сцэну і Таццяна Нікуліна, яны разам праспявалі кранаючую песню «Помолимся за родителей». «Сапраўдная артыстка!» -- многія казалі пасля выступлення Людмілы Ціхаміравай і знаходзілі ў ёй падабенства з актрысай Надзеяй Румянцавай. Трэба было чуць яе завадныя прыпеўкі, бачыць, як ліха адбівала яна рускую… 

Не менш гарманічнымі і прыгожымі былі жанчыны ў дэфіле «Бабуля XXI стагоддзя». Многія змянілі імідж, прыдумалі цікавыя вобразы. Некаторых гледачы і не пазналі адразу…

Самым кранаючым быў апошні конкурс – дэфіле ўдзельніц з іх сем’ямі. Як радасна было бачыць бабуляў у акружэнні дзяцей і ўнукаў! Па задумцы галоўнага рэжысёра конкурсу Маргарыты Шытыка і сцэнарыста Юліі Абрамовіч кожная з дзесяці сем’яў была аб’яднана агульным элементам у адзенні, будзь гэта аднолькавы колер убораў, шалікі, шапачкі. І ўсё ж галоўнае ўпрыгожванне жанчын – дзеці, унукі, іх працяг на гэтай зямлі…У гэты вечар яны як ніколі адчулі гордасць за сваіх маці, бабуляў, радаваліся і перажывалі за іх.

І вось вядучыя Ала Цырук і Сяргей Аруцюнян запрасілі на сцэну старшыню журы – начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Соф’ю Філістовіч. Наступіў час раскрыць галоўную інтрыгу конкурсу і назваць імя «Супербабулі – 2017». Ёй стала Святлана Капуцкая – паэтэса, артыстка, маці дваіх сыноў, бабуля дваіх унукаў, выдатная гаспадыня і вялікая працаўніца, у мінулым тэхнолаг, якая шмат год шчыравала ў трэсце сталовых і рэстаранаў, у ПТВ-21. Нездарма для гэтага вечара Святлана Васільеўна раздабыла ў сталічным тэатры копію сукенкі Кацярыны II: царскі ўбор і карона былі ёй вельмі да твару.

Цудоўна, што арганізатары прадугледзелі яшчэ чатыры намінацыі. Самай артыстычнай бабуляй стала Людміла Ціхамірава, якая, дарэчы, не толькі шмат выступае на сцэне, але і знялася ў дзвюх расійскіх кінастужках, у адной з іх спявала свае прыпеўкі. Самай абаяльнай названа Галіна Кічкалік, самай сучаснай – Ірына Ярук, самай элегантнай – Ларыса Пятрэнка. Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся Любові Сірыська, а «Інтэрнэт-бабуляй» была названа таксама Святлана Капуцкая, бо яна набрала найбольш галасоў на партале Kraj.by. Пераможцы былі ўзнагароджаны прызамі ад спонсараў конкурсу. Не менш прыемна, што абсалютна ўсе ўдзельніцы атрымалі падарункі ад арганізатараў: сувеніры, запрашальныя білеты на юбілейны канцэрт ансамбля «Гармонія», абанементы на ўвесь кастрычнік на нядзельныя вечары адпачынку «Для тых, хто малады душой».

Конкурс прайшоў, але яго ўдзельніцы настолькі здружыліся, што цвёрда вырашылі старыць на базе клубнай сістэмы клуб «Бабуля XXI  стагоддзя». Касцяк ужо ёсць, у жанчын шмат цікавых ідэй і яны гатовы прыняць у сваю суполку ўсіх жадаючых.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА

Другие новости

Необычный подарок в преддверии 8 Марта получили женщины города Молодечно. В Централизованной клубной системе специально к  Международному женскому дню мужская вокальная группа народного...

24 января в Логойском районном центре культуры и досуга на заседание президиума Минского областного совета ветеранов собрались...

В Минском районном центре культуры прошел IV районный детский конкурс исполнительских видов искусств, таланта и красоты «Мисс Дюймовочка – 2016». В конкурсе приняли участие шестнадцать девочек в двух...
Rating All.BY
Каталог TUT.BY